25 верасня 2020 года на базе ўстановы адукацыі «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» праводзіўся ІІ адукацыйны форум «Наватар—2020». Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Гімназія №1 г. Баранавічы» не магла абмінуць гэту знакавую для горада падзею, таму прыняла актыўны ўдзел у форуме як удзельнікі навукова-практычных секцый, так і навукова-практычных пляцовак для абмену вопытам.
Так, зборная каманда навучэнцаў гімназіі ў складзе вучняў 9 і 11 класаў прыняла актыўны ўдзел у інтэлектуальнай гульні «Філалогія — каралева навук», якую праводзіла кафедра філалогіі факультэта славянскіх і германскіх моў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гульня ўяўляла сабой лінгвістычныя пытанні і заданні, якія трэба было не толькі выканаць правільна, але і хутка. Усяго было праведзена 2 туры і суперфінал. Па выніках двух тураў з 6 каманд-удзельнікаў засталося толькі 3, у складзе якіх былі і вучні нашай гімназіі. Па выніках суперфінала каманда гімназіі №1 заняла 3 месца, абышоўшы па сваіх ведах некаторых студэнтаў-першакурснікаў універсітэта!
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Дзяцук Крысціна Мікалаеўна падрыхтавала да ўдзелу ў навукова-практычнай пляцоўцы вучаніцу 9 класа Македановіч Анастасію. Удзельнікі адзначылі высокую якасць арганізацыі дадзенага мерапрыемства і значнасць цеснага супрацоўніцтва гімназіі і ВНУ.
Гімназія №1 г. Баранавічы выражае ўдзячнасць кафедры філалогіі ўніверсітэта і асабіста кандыдату педагагічных навук дацэнту загадчыку кафедры філалогіі Таццяне Міхайлаўне Пучынскай за запрашэнне да ўдзелу і за аказаную дапамогу ў межах дзейнасці філіяла кафедры філалогіі на базе нашай гімназіі.